ЛЕ́НДЗЬЕЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура энеаліту (4—1-я пал. 3-га тыс. да н.э.) на тэр. Славакіі, Чэхіі, Аўстрыі, Усх. Германіі і Зах. Украіны. Назва ад паселішча каля в. Лендзьель недалёка ад г. Печ у Венгрыі. Насельніцтва займалася матычным земляробствам і жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах, размешчаных на высокіх мысах каля рэк, у паўзямлянках з глінянымі печамі і гасп. ямамі. Вядомы майстэрні для вытв-сці крамянёвых прылад працы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы або трупаспаленне. Вырабляліся крамянёвыя, касцяныя і медныя прылады працы, прадметы побыту, упрыгожанні. Характэрны керамічныя амфары, чашы, міскі, келіхі, арнаментаваныя размалёўкай белага ці чорнага колеру, штампамі, разнымі ўзорамі Сустракаюцца гліняныя антрапаморфныя фігуркі і мадэлі жытлаў.

А.В.Іоў.

т. 9, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)